Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Наш знакаміты зямляк

Дата: 8 марта 2018 в 15:11, Обновлено 19 ноября в 13:10

                                                                            Ён ведаў імя яго зноў уваскрэсне.

                                                                            Яго не змарнуюць стагоддзі і цвіль.

                                                                             На ніве асвецы стаў вольнаю песняй

                                                                             Нашчаднік Скарыны асветнік Васіль.

                                                                             Яго не любілі паны і магнаты -

                                                                             За што ім любіць беларускіх сыноў?

                                                                             Ці ж многа было іх сапраўдных аратых

                                                                             Якія да роднага неслі любоў?

        Веданне гісторыі сваёй краіны, сваёй Бацькаўшчыны - ёсць той мінімум, якім павінен валодаць кожны адукаваны чалавек, а тым больш грамадзянін, які жадае паспрыяць развіццю той дзяржавы, дзе ён нарадзіўся і жыве. Адчуванне чалавекам, на аснове гістарычных ведаў, сваёй гістарычнай спадчыны, якая непарыўна вядзецца ад яго продкаў з самых старажытных часоў, духоўна абагачае яго, робіць упэўненым у заўтрашнім дні і натхняе на новыя здзяйсненні, на шчырую працу дзеля сваіх нашчадкаў, дзеля сваёй краіны.

         Так склалася, што апошнія два стагоддзі Беларусь фактычна не мела сваё дзяржаўнай самастойнасці. Палітыка паланізацыі, а пасля русіфікацыі і саветызацыі пакінулі моцны адбітак на самаідэнтыфікацыі тутэйшага насельніцтва. Сапраўдная гісторыя была пад забаронай альбо падмянялася на штучную. Тым больш актуальна зараз, калі краіна, нарэшце, здабыла сваю незалежнасць, аднавіць у народа гістарычную памяць, вярнуць забытыя старонкі нашай мінуўшчыны, прывіць новым пакаленням павагу да сваіх продкаў, да сваіх звычаяў і культуры. Гэта дасць магчымасць беларускаму народу вярнуць сваю духоўную моц, каб наша краіна заквітнела як у часы Полацкага княства і Вялікага Княства Літоўскага.

        Пачынальнікам беларускага і ўсходне-славянскага кнігадрукавання з'яўляецца Францыск Скарына. Францішак Скарына жыў у эпоху Адраджэння, якая нарадзіла сапраўдных тытанаў духу, славутых сыноў чалавецтва, што кінулі выклік недасведчанасці, нават самому Богу.

        Гэтая эпоха працягвалася прыкладна два стагоддзі - пятнаццатае і шаснаццатае. На яе прыпадае росквіт навукі, тэхнікі, адкрыццё новых земляў, народаў. Дзеячы Адраджэння ішлі на вогнішча, падрыхтаванае царкоўнымі і дзяржаўнымі інквізітарамі, але не адмаўляліся ад сваіх перадавых поглядаў на прыроду, гістарычны працэс і на ўсё, што адкрыў і спазнаў чалавечы розум. Сярод такіх гігантаў, асілкаў думкі, духу, асветнікаў, прарокаў чалавецтва - наш Скарына. Думаецца, што гісторыкі, літаратуразнаўцы, культуролагі так і не ацанілі Францішка па-сапраўднаму. Яны закрывалі вочы на тое, што менавіта на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, з'явілася першая друкаваная кніжка на ўсходнеславянскіх землях. Замоўчвалася і тое, што рускі цар не прыняў Скарыну і яго прашэнне аб падтрымцы кнігадрукавання. Але ж гэта трэба ведаць.

        Адметнасць жа эпохі Адраджэння XIV-XVI стагоддзяў у тым, што здабыткі гэтай эпохі былі зафіксаваны з дапамогай друкарскага станка.

Дзейнасць Скарыны зрабіла вялікі ўплыў на далейшае развіццё кнігадрукавання. Яго справу прадоўжыў беларускі друкар Васіль Цяпінскі.

        Васiль Мікалаевіч Цяпінскі-Амельяновіч (~1530-40-я, в. Цяпіна Полацкага ваяводства (зараз Чашніцкі раён) — 1603), гуманіст–асветнік, пісьменнік, кнігавыдавец, перакладчык. Біяграфічныя звесткі аб В. Цяпінскім даволі скупыя. Вядома, што Васіль Мікалаевіч Цяпінскі (Цяпінскі-Амельяновіч) нарадзіўся, верагодней за ўсё, на Полаччыне ў маёнтку Цяпіна (цяпер вёска Цяпіна Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.) у сям'і гаспадарскага баярына Мікалая Іванавіча Амельяновіча і Матроны Мікалаевай Цяпінскай.

Імя Васіля Цяпiнскага разам з братамі Жданам і Іванам Войнамі ўпершыню ўпамінаецца ў дакументальных крыніцах 1560-х гадоў (тэстамент маці 1563 г. працэс 1564 г. з Ю. Осцікавічам, які зрабіў напад на маёнтак Цяпiнскiх – Свіраны).

        Жыццёвы шлях Васiля Цяпiнскага амаль не асветлены пісьмовымі крыніцамі. Год нараджэння невядомы. Традыцыйна (без якіх-небудзь грунтоўных падстаў) лічыцца, што ён нарадзіўся недзе ў 40-х гадах XVI ст. Пацвердзіць ці абвергнуць гэту гіпотэзу даволі цяжка. Няма звестак аб вучобе Васіля Цяпінскага ў замежных універсітэтах, што таксама дало б нейкія падставы для больш дакладнага вызначэння даты яго нараджэння. Як сведчаць знойдзеныя дакументы, у кан. 50-х – пач. 60-х гг. XVI ст. бацькі Васіля Цяпінскага былі ўжо вельмі сталага ўзросту (тэстамент маці напісаны ў 1563 г., а бацька памёр раней).

        Адсюль можна лічыць, што Васіль Цяпінскі нарадзіўся ў 30-я – пачатку 40-х гадоў XVI стагоддзя. У 50-х гадах XVI стагоддзя ён самастойна ўдзельнічаў у судовых працэсах і не быў малодшым сынам у час складання тэстаменту. У ім згадваюцца таксама яшчэ два сыны Матроны Мiкалаеўны –Ждан і Іван Война, які ў пачатку 60-х гадоў яшчэ патрабаваў апякунства, а таксама даволі дарослая ўнучка Марына. Новыя архіўныя дакументы і даследаванні дазволяць пашырыць надзвычай скупыя гiстарычныя звесткі аб жыццёвым шляху Цяпінскага, яго сваяцкіх і сямейных сувязях. Род Цяпінскіх становіцца вядомым у актах Вялікага княства Літоўскага толькі з XVI ст. як «кроўнародасны» (блізка параднёны) з родам Слушак. Слушкі былі знакамітай фаміліяй у другой палове XVI–XVII стст., займалі многія важныя дзяржаўныя пасады, удзельнічалі ў соймах і ўсіх буйных войнах. Згодна са звесткамі некаторых пазнейшых гербоўнікаў, якія пры апісанні генеалагічных каранёў знатных асоб нярэдка прытрымліваліся легендарных версій, Слушкі атрымалі шляхецтва яшчэ пры Вітаўце разам з зямельнай маёмасцю.

         Арыгінальнымі актамі гэта не пацвярджаецца, але пэўныя падставы маюцца. У 1547 годзе спадчынныя дакументы кіеўскага гараднічага Івана Грыгор'евіча Слушкі загінулі ў час пажару ў Мінску. Па хадайніцтву Слушкі гаспадарская канцылярыя выдала яму пацверджанне на яго спадчынныя маёнткі. У гэтым акце ўпершыню ў вядомых зараз гістарычных крыніцах згадваеццаі Цяпіна. Кіеўскі гараднічы паведаў пра сваё права да Цяпіна: «Напервей што ему от брата его рожоного Павла Григоревича Служчича досталос(ь) на ровном делу именье их отчизное и дедизное на имя Тяпино» і на тое маюцца лісты і «твердасці» Вітаўта і іншых вялікіх князёў літоўскіх.

          Па свайму сацыяльнаму становішчу Амельян, верагодна, належаў да баярскага службовага стану, бо валодаў зямельнай маёмасцю. 3 нашчадкаў двух яго сыноў адзіны род Слушак стаў размяжоўвацца на два роднасных: Слушак (патомкаў Грыгорыя) і Цяпінскіх (ад Івана).

          Імя агульнага пачынальніка роду надоўга засталося ў памяці і ў поўных родавых прозвішчах Слушак і Цяпінскіх. Нават судовы акт ад 28 ліпеня 1604 года згадвае аднаго з сыноў Васіля Цяпінскага, земляніна ваяводства Полацкага, Цяпінскім-Амельянавічам. Сыны Івана Амельянавіча, «рожоныя» (родныя) браты Мікалай (бацька Васіля) і Мацей Цяпінскія, упершыню названы ў попісу войска Вялікага княства Літоўскага 1528 г. У беларускай гістарыяграфіі гэты акт не зарэгістраваны. Магчыма, недагляд тлумачыцца тым, што яны апісаны тут без прозвішча — Цяпінскія. Попісы войска (шляхецкага паспалітага рушання) праводзіліся нерэгулярна, звычайнаў выніку нейкіх міжнародных ускладненняў ці пагрозы вайны. Яны змяшчалі агульныя звесткі аб сацыяльным і маёмасным становішчы шляхты і колькасці выстаўляемых узброеных коннікаў (пастановы вольных соймаў вызначылі адпаведныя нормы: 1 коннік з 8 служб сялянскіх у канцы 20-х гадоў, з 10 служб — у сярэдзіне XVI ст.).

          Жонка Васiля Цяпiнскага, Соф’я Данілаўна паходзіла з роду князёў Жыжэмскіх. Васiль Цяпiнскi меў радавы маёнтак Цяпіна (каля Лепеля), спадчынныя і набытыя ўладанні ў Мінскім, Лідскім, Ашмянскім, Віленскім паветах. У 1565 г. В. Цяпінскі служыў у падканцлера Я. Валовіча, у 1567 г. з’яўляўся афіцэрам («таварышам») аршанскага старосты Ф. Кміты-Чарнабыльскага. Прымаў удзел у Інфлянцкай вайне 1558-1563 гг. Служыў у падканцлера Вялікага княства Літоўскага Астафія Валовіча, пратэктара рэфармацыйнага руху, які падтрымліваў кнігавыдавецкую і асветніцкую дзейнасць у ВКЛ. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў пачатку 1570-х гадоў ён жыў на Валыні. У 1578 г. В. Цяпінскі — падстароста аршанскі. У 1585 г. ён судзіўся з людзьмі кіеўскага мітрапаліта; магчыма, да гэтага пэўны час жыў у Кіеве. У канцы жыцця Цяпiнскi, відаць, не захаваў за сабой усіх маёнткаў, бо ў студзені 1604 г. Полацкі гродскі суд разглядаў справу паміж яго сынамі і жонкай пра падзел толькі Цяпіна. Астатнія маёнткі, магчыма, былі прададзены ім на пакрыццё выдаткаў, звязаных з кнігадрукаваннем.

           З літаратурнай спадчыны С. Буднага вядома, што Цяпінскі быў адным з актыўных членаў папулярнай для другой паловы XVI ст. рэлігійнай плыні сацыніян. Узнікшы ў Рэчы Паспалітай у часы Рэфармацыі, гэтая плынь не прымала артадаксальнай рэлігійнай догмы аб траістасці Бога. Таму яе прадстаўнікоў называлі яшчэ і антытрынітарыямі. Сацыніяне адмаўлялі Святую Тройцу і лічылі Ісуса Хрыста звычайным чалавекам, таленавітым прапаведнікам новага веравызнання. Па сваіх рэлігійных перакананнях яны стаялі ў апазіцыі да артадаксальнага хрысціянскага веравызнання, а таму супраць іх змагалася і каталіцкае і праваслаўнае духавенства. Свае пропаведзі сацыніяне цесна звязвалі з сацыяльнымі і маральна-этычнымі пытаннямі грамадскага жыцця. Дзякуючы гэтаму іх вучэнне было даволі пашырана не толькі сярод вярхоў тагачаснага грамадства, але ў пэўнай меры і сярод нізоў. Прадстаўнікі найболын крайніх плыней рэлігійнага і сацыяльнага вучэння антытрынітарыяў узнімаліся нават да пропаведзі чалавечага брацтва, якое чымсьці нагадвала першабытную абшчыну. Яны сцвярджалі, напрыклад, што чалавек не мае права мець асабістай улады над другім чалавекам, адмаўлялі апарат дзяржаўнай улады, выступалі супраць царкоўнай іерархіі і манаства. Яны адмаўляліся ад удзелу ў вайне і адвяргалі зброю як сродак навязвання сваёй волі іншым.

          Станоўчым у дзейнасці сацыніян было тое, што прапагандаваць сваё веравызнанне яны імкнуліся на жывой народнай мове праз школы, прытулкі і шпіталі. Клапоцячыся аб развіцці народнай асветы, сацыніяне ўсюды, дзе толькі ўзнікалі іх рэлігійныя абшчыны ці арганізацыі, адкрывалі школы, друкарні і тым самым садзейнічалі абуджэнню грамадскай і нацыянальнай самасвядомасці народа.

                      Будучы сацыніянінам, Цяпінскі, аднак, не падзяляў радыкальных палітычных поглядаў той часткі сваіх паплечнікаў, якую ўзначальваў М. Чаховіц. У вырашэнні сацыяльных пытанняў ён прытрымліваўся ўмераных поглядаў, адстойваў права валодання прыватнай уласнасцю, прызнаваў апарат дзяржаўнай улады, апраўдваў удзел у вайне, калі яна вялася ў інтарэсах абароны Айчыны. Менавіта на гэтай падставе Цяпінскі сышоўся з С. Будным і стаў адным з блізкіх яго аднадумцаў.

            У кнізе «Пра найважнейшыя артыкулы хрысціянскай веры» С.Будны паведамляў, што ў 1574 у доме «брата мілага Васіля Цяпінскага» адбыўся сінод антытрынітарыяў. У дру­гой сваёй кнізе ён пісаў пра сінод 1578, на якім адстойваў пазіцыю, што валодаць маёнткамі i зямлёй, а таксама ўдзельнічаць у справядлівых войнах супраць нашэсцяў i пагрозы тыраніі — гэта не грэх i не супярэчыць Бібліі, як даводзілі крайне левыя антытрынітарыі. Такія погляды Цяпінскага супадалі з поглядамі шляхецкага крыла пратэстанцкага руху. У 1570-я гады Цяпінскі на свае сродкі арганізаваў друкарню (знаходзілася, відаць, у Цяпіне) з намерам выдаваць кнігі на беларускай мове. У яго была неблагая бібліятэка, неабходная яму для выдавецкай дзейнасці. Наважыўшыся надрукаваць Евангелле на дзвюх мовах — царкоўнаславянскай і старажытнарускай (беларускай), Цяпінскі распачаў цяжкую i складаную па тым часе рабо­ту па яе перакладзе. Зараз вядома толькі адно яго выданне — Евангелле, якое выйшла каля 1570 i змяшчае евангеллі ад Мат­фея, Марка i часткова ад Лукі (захоўваецца ў Расійскай найыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу). Гэта частка выдання выяўлена ў 19 ст. ў рукапісным зборніку, куды былі ўплецены 62 друкаваныя аркушы Евангелля Цяпінскага. Прадмова да гэтага вы­дання на 6 аркушах напісана Цяпінскім. Пры пера­кладзе Евангелля на беларускую мову Цяпінскі апіраўся на стараславянскія пераклады Свяшчэннага пісання асветнікамі Кірылам i Мяфодзіем. Уся перакладчыцкая i друкарская дзейнасць вялася ім з патрыятычных пачуццяў «своей Руси услугуючи». Пра сваё высокае прызначэнне служыць беларускаму народу Цяпінскі пісаў у рукапіснай прад-мове да Евангелля. Ён высока цаніў «зацный, славный, острий, довстипный» беларускі народ, да якога адносіў i сябе. Занепакоены заняпадам нацыянальнай культу­ры i асветы, духоўнасці існуючага грамадства, ён звязваў яго з агульным заняпадам навукі i маралі, заклікаў паноў i духавен-ства дапамагчы паспалітаму люду адкрыць школы i ўзняць навуку «занедбаную». Цяпінскі імкнуўся даказаць вялікую карысць чытання Евангелля на роднай мове як «сумы закону божиего», якое дае магчымасць лепш разумець рэлігію. Яго падыход да рэлігіі быў рацыяналістычны, талерантны. Рэлігійную адукацыю ён звязваў з асветай наогул. Евангелле адрасаваў i дарослым, i дзецям, i кальвіністам, i праваслаўным, i ўсім, хто хоча чытаць гэту частку Бібліі. У сваёй прадмове да Евангелля Цяпінскі пісаў, што з-за цяжкага матэрыяльнага становішча процідзеяння непрыяцеляў, якія здзекаваліся з яго шчырага імкнення надрукаваць кнігу, яму давялося выпусціць толькі пісанні святых Матфея, Марка i пачатак з Евангелля Лукі. Выданнем Евангелля Цяпінскі ставіў за мэту не толькі спрыяць рэлігійнаму выхаванню, але ўзняць асвету i нацыянальную самасвядомасць беларускага народа. Асноўную прычыну цяжкага становішча i заняпаду сваёй айчыны ён бачыў у афіцыйнай палітыцы паланізацыі і акаталічвання беларусаў, у падтрымцы гэтай палітыкі мясцовымі феадаламі, якія не толькі не дапамагалі народу развіваць сваю культуру, але i самі адракліся ад таго, што калісьці было зроблена ix «фалебными пред­ками», саромеюцца свайго паходжання i мовы. Таму, паводле Цяпінскага, «за такою нево­лею» замест «мудрости и цвичения» «оплаканая неумеетность пришла, же вжо неко­торые и писмо се своим... встыдают». Даўно наспелай справай ён лічыў адкрыццё школ, у якіх выкладанне вялося б не на лацінскай ці польскай, а на беларускай мове, дастаткова багатай для выкарыстання яе ў навучальных установах. Такія школы i вывучаемыя ў ix прадметы, на яго думку, павінны адпавядаць усебаковаму развіццю адукацыі на роднай мове і, значыць, усеба­коваму развіццю чалавека «для лепшо розсудку», каб у ix «детки смыслы свои неяко готовали, острили и в вере прицвичали». У сваім выданні Евангелля Цяпінскі змясціў 210 глос (слоў-перакладаў), якія тлумачылі на палях кнігі незразумелыя ці малазразумелыя словы. Мяркуюць, што ў 1562 Цяпінскі надрукаваў у Нясвіжы 2 творы С.Буднага: «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага ча­лавека перад Богам». У Супрасльскім зборніку 16 ст. перад прадмовай да Евангелля Цяпінскага змешчаны «Катэхизисъ, або Соума Нау­ки детей въ христе Исусе», магчыма, тэкст падрыхтаваны Цяпінскім.

          Сваю дзейнасць Цяпінскі прысвяціў справе асветы народа. Дзеля гэтага ён прыняўся за цяжкую, але высакародную працу перакладчыка і выдаўца Евангелля на беларускую мову, у чым бачыў магутны сродак развіцця нацыянальнай культуры. Тым самым ён прадоўжыў пачатае, але не завершанае Ф. Скарынам у свой час выданне Бібліі, састаўной часткай якой, як вядома, з'яўляюцца кананізаваныя царквой чатыры кнігі Евангелля: ад Мацвея, Марка, Лукі і Іаана.

            Гэта карпатлівая праца, якая ўключала ў сябе пошукі неабходных і аўтарытэтных для царквы рукапісных тэкстаў Евангелля, пераклад іх на беларускую мову і выданне, была нялёгкай і да таго ж патрабавала вялікіх матэрыяльных сродкаў, якіх Цяпінскі не меў. Таму, нягледзячы на ўсе намаганні, ён не змог давесці пачатую справу да канца. Паводле яго сцверджання, ён пераклаў і надрукаваў поўнасцю ў сваёй «убогай друкарні» толькі Евангелле ад Мацвея, Марка і часткова ад Лукі. Калі і дзе было выдадзена гэта першае друкаванае Евангелле, невядома. У тым адзіным экземпляры, які захаваўся да нашых дзён і зберагаецца сёння ў аддзеле рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Расіі ў Санкт-Пецярбургу, такіх дадзеных няма. Аднак відавочнае падабенства шрыфтоў гэтага Евангелля і «Катэхізіса» С. Буднага (1562) дазваляе сцвярджаць, што друкавалася яно ўжо пасля таго, як спынілася выданне кніг кірылаўскім шрыфтам у Нясвіжскай друкарні Радзівіла. Значыць, яно было надрукавана не раней, чым у 70-х гг. XVI ст.

              В. Цяпінскаму была добра вядома адмоўная рэакцыя артадаксальнага духавенства на кнігі Бібліі Скарыны. Пэўна, не жадаючы быць абвінавачаным у ерэтычных адступленнях ад літары і духу самога кананічнага тэксту, ён палічыў неабходным пры выданні Евангелля змяшчаць у кнізе паралельна з перакладам і тэкст царкоўна-славянскай крыніцы. Хоць такая практыка выдання ў значнай ступені ўскладняла работу недасведчанага ў друкарскай справе Цяпінскага, яна ў той жа час давала магчымасць праверыць якасць і майстэрства яго перакладу. I ў гэтых адносінах выданне Цяпінскага з'яўляецца ўнікальным для таго часу, які характарызаваўся, з аднаго боку, глыбокім крызісам праваслаўнай царквы і заняпадам царкоўнай асветы, а з другога — імкненнем асобных рэфарматараў абудзіць грамадскую самасвядомасць і нацыянальныя пачуцці беларускага і ўкраінскага народаў, каб адстаяць права на самастойнае культурнае развіццё.

              Да выдадзенага Евангелля В. Цяпінскі напісаў страсную публіцыстычную прадмову, але па невядомых прычынах не апублікаваў яе.

            У гэтай прадмове ён выклаў свае грамадска-палітычныя погляды па шэрагу пытанняў, якія хвалявалі яго, і паказаў сябе не столькі як рэлігійна-царкоўны прапаведнік, што імкнецца далучыць чытача да пратэстанцкага веравызнання, колькі як непрымірымы барацьбіт, заклапочаны лёсам нацыянальнай культуры. У беларускай літаратуры таго часу не было іншага такога рашучага выступлення ў абарону роднай мовы і нацыянальнай культуры.

            З невялікай паводле аб'ёму, але яркай і пафаснай прадмовы паўстае жывы вобраз аўтара, гарачага патрыёта. Цяпінскі лічыў, што жывую беларускую мову неабходна актыўна выкарыстоўваць як у школах, так і пры перакладзе кніг Свяшчэннага Пісання. У гэтым шырокім ужыванні народнай мовы ён бачыў адзіны шлях плённага развіцця нацыянальнай культуры і магутны сродак духоўнага адраджэння беларускага народа. В. Цяпінскі імкнуўся ўздзейнічаць на патрыятычныя пачуцці феадалаў, абавязкам якіх лічыў клопат аб духоўным развіцці грамадства. Ён заклікаў іх адкрываць нацыянальныя школы, развіваць асвету і кнігадрукаванне на роднай мове і не цурацца традыцый, закладзеных продкамі. З болем у сэрцы і з абурэннем пісаў ён аб знявазе роднай мовы з боку значнай часткі беларускага духавенства і свецкіх паноў, у выніку чаго даводзілася «не без встыду своего» адпраўляць дзяцей вучыцца ў польскія школы. У абыякавасці паноў да надзённых духоўных патрэб краіны, у іх празе да нажывы і ў рэнегацтве Цяпінскі не без падстаў бачыў адну з галоўных небяспек, што пагражалі захаванню нацыянальнай самабытнасці беларусаў. Ён быў перакананы, што толькі шляхам асветы і адукацыі на роднай мове можна пазбегнуць небяспекі, якую несла беларускаму народу асімілятарская палітыка польскіх феадалаў. Таму Цяпінскі так настойліва і паслядоўна змагаўся за палітычнае і нацыянальнае адзінства беларускага народа, заклікаў да згуртавання яго грамадскіх сіл і ставіў інтарэсы радзімы вышэй за ўсё. Дзеля палітычнай кансалідацыі нацыянальных сіл ён праяўляў выключную верацярпімасць. Разам з тым Цяпінскі быў рэлігійным чалавекам і лічыў Евангелле самай неабходнай кнігай у развіцці нацыянальнай культуры.

              

             Васіль Цяпінскі — сучаснік і аднадумец Сымона Буднага, адзін з тых нямногіх дзеячаў Рэфармацыі, хто глыбока разумеў згубнасць паланізацыі феадальных вярхоў Вялікага Княства Літоўскага і бачыў у ёй смяротную пагрозу развіццю нацыянальнай культуры беларускага народа. Яго дзейнасць насіла ярка выражаны патрыятычны характар і па сутнасці з'явілася працягам тых культурна-асветніцкіх традыцый, якія былі закладзены Ф. Скарынам яшчэ ў першай чвэрці XVI ст.

              Сацыяльны ідэал пісьменніка-публіцыста аказаўся расплыўчатым і абстрактным. Яго адносіны да простага народа, які ў большасці сваёй прытрымліваўся праваслаўнага веравызнання, набывалі дваісты характар. Цяпінскі захапляўся талентам і прыродным розумам сваіх суайчыннікаў, клапаціўся аб іх культурных патрэбах, але не падзяляў іх рэлігійных поглядаў. Аднак у тых складаных умовах В. Цяпінскі здолеў узняцца да разумення таго, што ў пытаннях абароны інтарэсаў радзімы, кансалідацыі яе грамадска-палітычных сіл і развіцця нацыянальнай культуры рэлігійныя погляды як прыватная справа кожнага чалавека не павінны быць перашкодай. I ў гэтым яго гістарычная заслуга.

                В. Цяпінскі быў выдатным прадаўжальнікам справы Скарыны.

               У сваёй перакладчыцкай і кнігавыдавецкай дзейнасці ён шмат пераняў ад першадрукара: пераймаў прыклад тэхнічнага афармлення кнігі, а таксама напісаў да свайго перакладу прадмову. Аднак Цяпінскі ў некаторых адносінах пайшоў далей за свайго вялікага папярэдніка. Так, ён больш шырока абгрунтаваў і развіў думку аб значэнні асветы на роднай мове, аб неабходнасці стварэння нацыянальных школ, закліканых абуджаць у народзе пачуццё нацыянальнай самасвядомасці. Ён смялей, чым Скарына, уводзіў у мову свайго перакладу элементы гутарак. Яго мова значна далей, чым у Скарыны, адышла ад мовы царкоўнага пісьменства.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.